Кожная парафiя розная. I кожная з’яўляецца дарам ад Бога – для ксяндза i для вернiкаў. Гэта вялiкi шанец для выкарыстання. Шанец, што спаткаемся ў ей у евангелiчным братэрстве, што разам, хоць кожны сваiм чынам, будзем служыць Богу, што мы Яму спатрэбiмся для справы абвяшчэння Добрай Навiны i збаўлення людзей праз людзей…
ПРОБАШЧ ПАРАФІІ СВ. МІХАЛА АРХАНЁЛА
Кс. Аляксандр Ашмянчук CSMA [міхаліт]
Прызначаны пробашчам 8 лістапада 2022 г.
Святары, якія працавалі ў нашай парафіі:
Кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA [пробашч 2004-2005]
Кс. Артур Папроцкі CSMA [пробашч 2005-2008]
Кс. Антоні Обжут CSMA [пробашч 2009-2011]
Кс. Крыштаф Посьвята CSMA [пробашч 2011-2018]
Кс. Мар’ян Хаменя CSMA [пробашч 2018-2022]
РАСКЛАД ЗАНЯТКАЎ НА 2024-2025 КАТЭХЕТЫЧНЫ ГОД
нядзеля
11.30 (пасля імшы на 10.30) – (першы год падрыхтоўкі да І Святой Камуніі)
16.00 – дзеці (другі год падрыхтоўкі да І Святой Камуніі)
18.00 (пасля імшы на 17.00) – заняткі па рэлігіі для дзяцей і моладзі (якія ўжо былі да І Святой Камуніі)
Увага! ў раскладзе магчымы змены
Катэхеза вучыць таму, што вера ў Хрыста з’яўляецца не толькі праўдзівай і справядлівай справай, але таксама і прыгожай, здольнай напоўніць жыццё новым бляскам і глыбокай радасцю, нават сярод цяжкіх выпрабаванняў.
(Папa Францішак, Апостальская адгартацыя „Evangelii gaudium”)
Шчыра дзякуем усім ахвярадаўцам на будову новай святыні! Мы молімся кожны дзень за нашых дабрадзеяў, а ў кожны аўторак адзначаецца св. Імша ў іх патрэбах.
Рэквізіты для ахвяраванняў:
Рымска-каталіцкая парафія Св. Міхала Арханёла ў п. Гатава
УНП 601056322, ОКПО 29248531
BY02BPSB30151048330119330000 БИК BPSBBY2X
в ОАО «БПС – Сбербанк» г.Минск
Плацёжнае прызначэнне: ахвяраванне.
Прыватныя ахвяраванні можна пакінуць непасрэдна ў капліцы.
Праект новага касцёлa
Ва ўсе цяжкія часы на зямлі міласэрны Бог выбіраў прарокаў, візіянераў, містыкаў і даваў ім свае заданні. Так у XVII стагоддзі Ён абраў простую дзяўчыну з Францыі Маргарыту Марыю Алякок, каб нагадаць усяму свету пра любоў Хрыста. Падчас аднаго з містычных перажыванняў яна пачула словы Езуса: «Маё Боскае Сэрца палае любоўю да людзей і да цябе так, што не ў сілах стрымаць у сабе полымя міласэрнай любові, якое павінна дзякуючы табе явіцца людзям, каб узбагаціць іх каштоўнымі скарбамі, якія Я табе адкрываю. У іх змешчаны выратавальныя і асвячальныя дары, неабходныя для таго, каб захаваць людзей ад вечнай пагібелі…». У другі раз Маргарыта Марыя пачула: «Вось Сэрца, якое так палюбіла людзей, што нават сябе не пашкадавала, аддаўшы ўсе сілы і згарэўшы, каб паказаць сваю любоў. Аднак у адказ Я атрымліваю ад большасці з іх няўдзячнасць, знявагі, холад і пагарду, якімі яны адказваюць на гэты сакрамэнт любові… Я абяцаю табе, што Маё Сэрца пашырыцца, каб шчодра выліць сваю Боскую любоў на тых, хто будзе аддаваць Яму хвалу і пашану».
— Я меў вялікае шчасце быць у свой час побач з ксяндзом Альбертам Масальскім: дапамагаць яму, а таксама служыць пры алтары міністрантам. Мой шлях навяртання адбываўся дзякуючы гэтаму святару, які стаў маім духоўным айцом. Я памятаю, як ксёндз Альберт ушаноўваў культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса і як натхняў усіх вернікаў да гэтага ўшанавання. Першая пятніца кожнага месяца — гэта быў асаблівы дзень для яго. З самай раніцы ён ужо сядзеў у канфесіянале. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту я бачыў, як ён часам выціраў слёзы і пот. Літанію да Сэрца Езуса ён чытаў так, што ў мяне мурашкі па спіне бегалі. Гаварыў нам: «Як гэта, каб не ведаць на памяць гэту цудоўную літанію!» Пасля ягоных слоў я вывучыў яе за пару дзён і стараюся кожны дзень маліцца гэтымі цудоўнымі заклікамі да Сэрца Пана Езуса, а заклікаў гэтых 33.
А якія цудоўныя сведчанні расказваў нам ксёндз Альберт падчас сваіх гамілій! Узгадаю толькі адно. Адзін хлопец з каталіцкай сям’і вырашыў ушанаваць 9 першых пятніцаў — паспавядацца і прыняць святую Камунію. Тым, хто так учыніць, Пан Езус праз святую Маргарыту Марыю Алякок абяцаў даць ласку не памерці без святых сакрамэнтаў. Гэты хлопец у адну з першых пятніцаў нават з летняга лагера ўцёк, каб быць у касцёле. Калі ён стаў дарослым, на жаль, адышоў ад практыкі сваёй веры і аднойчы, калі быў не зусім цвярозы, трапіў пад цягнік. Яму адрэзала ногі, але ён быў пры памяці. У гэты самы момант побач ішоў ксёндз са святымі сакрамэнтамі да нейкага хворага і, вядома ж, удзяліў сакрамэнт намашчэння паміраючаму на чыгунцы мужчыну. Вось яна — Божая любоў, вось яно — Божае абяцанне! Ксёндз Альберт часта паўтараў: «Не лічыце, колькі першых пятніцаў вы ўшанавалі, ушаноўваце іх усё сваё жыццё». Менавіта ў першую пятніцу ў ксяндза Альберта здарыўся трэці інфаркт, пасля якога ён хутка адышоў у вечнасць. Але ў той дзень ён не паехаў у бальніцу, а спавядаў у сваёй кватэры — людзі ўбачылі, што ксяндза няма ў касцёле і паехалі да яго дадому… Дзякую ксяндзу Альберту за яго навуку, за яго бясцэнны прыклад пашаны і любові да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Няхай добры Бог шчодра ўзнагародзіць яго за гэта ў шчаслівай вечнасці.
— У 2003 годзе я захварэла на анкалогію: меланома ў апошняй стадыі. Было мне 60 гадоў. Вядома ж, адчувала сябе я вельмі кепска, але вельмі прагнула жыць — хацелася дапамагчы падгадаваць яшчэ зусім маленькіх унукаў. У той час вернікі па чарзе дзяжурылі ноччу ў касцёле на Кальварыі. Я не стала з-за хваробы адмаўляцца і пайшла на дзяжурства. Была зіма і вельмі моцны мароз. Я ў сакрыстыі палю печку. У той час там на сцяне віселі два вялікія абразы — Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Укленчыўшы, я памалілася Літанію да Сэрца Езуса, а потым сваімі словамі пачала з Хрыстом размаўляць. Я прасіла аб аздараўленні дзеля маіх унукаў. Прасіла даць мне знак, ці Ён дапаможа. Ад усяго сэрца я тады Яму сказала: «Пане Езу, але калі трэба, я за Цябе жыццё аддам!» Закрыўшы юшку ў печцы, я лягла на канапу і працягвала размаўляць з Езусам. У адказ я нічога не чула, і пра гэта я таксама Яму сказала. І раптам маю галаву нібы нехта сціснуў. У думках пранеслася: ну вось, яшчэ і ўчадзела. Зноў прашу аб дапамозе. І ў другі раз адчула тое самае цісненне галавы, а ў душы з’явілася пачуццё радасці і супакою. Я зразумела, што Пан Езус мяне пачуў. Я пачала дзякаваць і праслаўляць Яго. Пазней я атрымала яшчэ яўны знак таго, што Езус мне дапаможа, але пра гэта пакуль гаварыць не буду.
На аперацыю я ішла з ружанцам на шыі і прасіла дактароў, каб не здымалі яго. Потым было вельмі цяжкае лячэнне. Амаль ніхто не верыў у тое, што я выжыву. А калі праз некалькі гадоў мяне ўбачыла адна з маіх былых дакторак, то не магла стрымаць свайго здзіўлення ад таго, што я жывая. Толькі і прамовіла: «Гэта цуд!» Так, гэта цуд, які ўчыніў Езус Хрыстус, за што я бясконца Яму ўдзячная.
— У свой час, а гэта было больш за 10 гадоў таму, духоўным кіраўніком Легіёну Марыі быў ксёндз Юзаф Дзяконьскі, які цяпер служыць у Польшчы. Не раз у сваёй навуцы ён далікатна нагадваў жанчынам легіянерам, каб апраналіся па прыкладзе нашай апякункі Панны Марыі. Прасіў хаця б на каміцыум (штомесячны сход кіраўнікоў усіх суполак Легіёну Марыі) не прыходзіць у штанах. Аднак не ўсе сур’ёзна ўспрымалі гэтыя пажаданні святара. І вось настаў ліпень. Усе легіянеркі прыбылі на каміцыум у прыгожых сукенках ці спадніцах і нікога — у мужчынскім адзенні. Потым ксёндз Юзаф прызнаўся, што Літанію да Сэрца Езуса ў чэрвені ён маліўся менавіта ў гэтай інтэнцыі. Многіх з нас гэта кранула да слёз.
— У Легіёне Марыі існуе Асацыяцыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая прапаведуе поўнае ўстрыманне ад алкагольных напояў. Чалавек, які ўступае ў гэтую асацыяцыю, кожны дзень чытае спецыяльную малітву — «гераічнае абяцанне». Вось яе тэкст: «Дзеля Тваёй хвалы і суцяшэння, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса, дзеля Твайго Імя, каб даваць добры прыклад і імкнуцца да самаадрачэння, дзеля прабачэння грахоў нястрыманасці і дзеля навяртання тых, хто злоўжывае алкаголем, я на працягу жыцця абяцаю ўстрымлівацца ад спажывання ўсялякіх алкагольных напояў. Няхай дапаможа мне ў гэтым Бог Айцец, Бог Сын, Бог Дух Святы. Амэн». Бачачы, колькі навокал п’янства, колькі гора і слёз яно нясе, я вырашыла 15 гадоў таму ўступіць у гэтую асацыяцыю. На той час мой родны брат таксама меў праблему з алкаголем, таму і дзеля яго я прыняла такое рашэнне. Не скажу, што мой брат адразу кінуў піць, але паступова ў яго жыцці сталі адбывацца перамены. Ён звольніўся з працы, дзе амаль усе злоўжывалі алкаголем, прычым і ў працоўны час. Пасля гэтага ён трапіў у калектыў, дзе гэтага не было. Далей склалася так, што ён пабываў на рэкалекцыях у ксяндза Яна Рэчэка. Быў на генеральнай споведзі, пачаў маліцца, і паступова яго вера ажыла. Сёння у майго брата праблем з п’янствам няма, за што я вельмі ўдзячная Пану Богу.
Далучыцца да Асацыяцыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса можа кожны. Для гэтага трэба чытаць малітву — «гераічнае абяцанне», і выконваць тое, што мы ў ёй ахвяруем. Ведаю, што некаторыя складаюць абяцанне ўстрымлівацца ад ужывання алкагольных напояў не на ўсё жыццё, а на нейкі пэўны тэрмін. Галоўнае — пачаць.
— Шанаванне культу Сэрца Езуса практыкуецца ў маёй сям’і з дзяцінства. Раней, калі касцёлы былі зачынены, Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў чэрвені мы маліліся па хатах альбо каля прыдарожнага крыжа. Цяпер, дзякуй Богу, касцёлы адчынены, і я стараюся на гэтым набажэнстве быць у святыні. Стараюся ў першую пятніцу месяца быць у споведзі і прыняць святую Камунію. Вельмі люблю абраз Сэрца Езуса, які вісіць у маёй хаце. Мне здаецца, што Езус на ім жывы. Яго твар бывае сумны, бывае радасны. Нездарма ж святыя людзі казалі, што іконы нясуць у сабе Божую ласку. Я гэтую ласку заўсёды адчуваю і ведьмі ўдзячная Пану Богу за яе. Хачу ўзгадаць толькі адзін прыклад. У канцы 90-х гадоў закрылася наша прадпрыемства і я згубіла працу. Нам далі грашовую дапамогу на тры месяцы, а там — як хочаце. За тры месяцы я так і не знайшла працы ў нашым невялікім горадзе. За што жыць? Я амаль што ў роспачы расплакалася перад абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і стала Яму скардзіца на гэтыя вось праблемы. Раптам чую ўнутраны голас, прычым вельмі моцны: «Усё будзе добра!» Праз пару дзён мне прапанавалі працу аж у трох месцах, так што я яшчэ і выбірала. Хвала міласэрнаму Богу!
Падсумоўваючы вышэйсказанае, хочацца яшчэ раз засведчыць, што іконы — гэта, сапраўды, пераказнікі Божай ласкі, пра што гаварылі і праваслаўны святы Серафім Сароўскі, і каталіцкая святая Магдалена Зоф’я Барат. Я ведаю дом, у якім не практыкавалася вера, затое алкаголь у ім быў частым госцем. У гаспадароў гэтага дома было трое дзяцей. Самы малодшы хлопчык з дзяцінства цягнуўся да Бога. Знайшоўшы аднойчы на вуліцы крыжык, ён з вялікай радасцю пачапіў яго на шыю і як жа моцна плакаў, калі старэйшы брат сарваў яго, крыкнуўшы, што той знеслаўляе іх сям’ю. Потым гэты хлопчык набыў вялікі абраз Сэрца Езуса (рэпрадукцыя на звычайнай паперы) і папрасіў свайго бацьку зрабіць для яго рамку. Калі ўсё было зроблена, панёс абраз у вясковую капліцу, дзе ксёндз асвяціў яго. Мне давялося быць у гэтым доме. Памятаю, што нічога не бачыла, а толькі жывога Езуса на той іконе. Здавалася, што не ікона — у хаце, а ўся хата ўвабрана ў гэту ікону, дакладней, у Сэрца Езуса. Напэўна, так было і так ёсць. З часам міласэрны Езус даў вялікую ласку бацькам гэтага хлопчыка — яны паспавядаліся з усяго жыцця і павянчаліся. А здарылася гэта за пару месяцаў да адыходу ў вечнасць бацькі гэтага хлопца. Сам жа хлопец стаў ксяндзом. 19 мая гэтага года ён адзначыў 12-годдзе з дня свайго святарскага пасвячэння, з чым я яго ад усяго сэрца віншую.
Падрыхтавала Галіна Калевіч