П А С Л А Н Н Е
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста
і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў
Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
Найдаражэйшая Кроў Хрыста,
умацуй нас!
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, шаноўныя кансэкраваныя асобы, любыя вернікі Мінска-Магілёўскай мітраполіі!
Юбілейны 2025 год пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», які мы яшчэ працягваем адзначаць і карыстацца яго прывілеямі, з’яўляецца для нашага партыкулярнага Касцёла вельмі адметным. Пілігрымкі ў юбілейныя святыні не толькі нашых дыяцэзій, але і ў базылікі ў Рыме, набажэнствы і рэкалекцыі пакаяння, шматлікія малітоўныя акцыі паспрыялі ажыўленню і паглыбленню веры, а таксама развіццю рэлігійных рухаў. Вельмі радуе, што ў многіх парафіях праводзіцца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, у тым ліку саракагадзіннае чуванне, Святая гадзіна; засноўваюцца не толькі жаночыя, але і мужчынскія Ружанцовыя колы, пашыраецца набажэнства ў першы чацвер месяца.
Добрай традыцыяй ужо сталі пілігрымкі ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай не толькі на галоўную ўрачыстасць у ліпені, але і ў кожную першую суботу месяца. На працягу дзевяці месяцаў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе праводзілася малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якое адбылося 7 ліпеня 2025 года.
У 2026 годзе спаўняецца 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які шмат стагоддзяў існуе на нашых землях і вядзе наш народ да Бога. Заахвочваю ўсіх біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асобаў, усе касцёльныя рухі і малітоўныя супольнасці, а таксама ўсіх вернікаў да набажэнстваў удзячнасці за гэтыя гады аднаўлення і руплівай дзейнасці Касцёла. Настойліва прапануем усім далучыцца да Агульнабеларускай навэнны, якая паспрыяе малітоўнай падрыхтоўцы да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, што адбудзецца 4 ліпеня 2026 года падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай.
Святы Ян Павел ІІ нагадваў: «Сучаснаму чалавецтву, часта зраненаму нянавісцю і насіллем, сёння больш чым калі-небудзь патрэбна спазнаць адкупленчую моц Крыві Хрыста. Той Крыві, якая не была праліта надарэмна, бо ў Ёй — уся моц Божай любові і гарантыя надзеі, ратунку, паяднання. Аднак, каб зачэрпнуць з гэтай крыніцы, трэба вярнуцца да Хрыстовага Крыжа, засяродзіць свой позірк на Сыне Божым, на Яго прабітым Сэрцы, на Яго пралітай Крыві… Гэтая Кроў сведчыць пра бясконцую любоў Айца і Яго Сына Езуса Хрыста, пра любоў да ўсіх людзей; яна з’яўляецца крыніцаю самай вялікай радасці… яна дае звышнатуральную моц, якая патрэбна для таго, каб распачаць новае жыццё» (Jan Paweł ІІ. Rozważania przed modlitwą Anioł Pański, 02.07.2000 r.).
«Кроў Хрыста, якая ў Эўхарыстыі поіць і ачышчае душы, — выбаў нас», — молімся ў Літаніі да Найдаражэйшай Крыві Езуса. Для таго, «каб распачаць новае жыццё», як раіў Вялікі Папа, патрэбна нашае гарачае імкненне аднавіцца ў Хрысце. І самае галоўнае ў гэтым аднаўленні належыць сакрамэнту пакаяння і сакрамэнту Эўхарыстыі. «У Эўхарыстыі мы маем Езуса, Яго адкупленчую ахвяру, маем Яго ўваскрасенне, маем дар Духа Святога, маем адарацыю, паслухмянасць і любоў Айца» (Ecclesia de Eucharistia, 60). Дзякуючы Эўхарыстыі, у якой адбываецца перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Пана, ажыццяўляецца абяцанне Езуса, нашага Збаўцы: «І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). «Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі» (Ecclesia de Eucharistia, 1), і Касцёл заўсёды там, дзе здзяйсняецца Эўхарыстыя. Хрыстус прыходзіць да нас, каб абудзіць нашае жыццё, надаць яму новае вымярэнне і сэнс, каб унутрана ўзбагаціць нас, зрабіць нас мужнымі і высакароднымі. Эўхарыстыя — гэта пасілак, які мае моц, каб давесці нас да вечнага жыцця. «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае» (Ян 6, 54), — абяцае Езус. Але спажыванне Цела і Крыві Пана патрабуе адарацыі. Ці не забываемся мы адараваць Езуса, калі прымаем Яго ў святой Камуніі? Ці знаходзім час, каб пабыць з нашым Збаўцам перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам? Ці мы, святары, не забываем пра вялікую адказнасць годна здзяйсняць Эўхарыстыю — вялікую таямніцу і надзвычайны сакрамэнт, які даручыў нам цэлебраваць Езус Хрыстус?
Слуга Божая Ванда Банішэўская, містычка і стыгматычка, нашая зямлячка, ахвяроўвала свае цярпенні за святароў, а таксама за недахоп жывой веры ў Найсвяцейшы Сакрамэнт. «Дзеля таго, каб быць дасканалым, — пісала яна ў сваіх нататках, — трэба ісці слядамі Хрыста, які кліча: «Ідзі за Мною». Душу найперш павінен ахапіць агонь Божай любові. А гэты агонь выплывае з Найсвяцейшага Сакрамэнту, які з’яўляецца асалодаю для ўсіх сэрцаў, што шчыра аддаліся Пану. Ён становіцца цэнтрам іх жыцця, прадметам намаганняў і клопату».
Вельмі спадзяюся, што малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста паспрыяе абуджэнню нашай глыбокай удзячнасці Эўхарыстычнаму Езусу, што яна заахвоціць святароў і вернікаў, кансэкраваных асобаў і прадстаўнікоў рэлігійных рухаў, а таксама дзяцей і моладзь адараваць нашага Збаўцу з належнай пашанай і годна прымаць Яго ў святой Камуніі, бо мы спажываем Эўхарыстыю, каб быць моцнымі вераю, каб усведамляць, што Бог, жывы Бог, прысутны ў нашым жыцці, Ён беражэ нас і вядзе да шчаслівай вечнасці. Бог заўсёды хоча весці нас па шляху любові і прабачэння. Ён заўсёды дае нам надзею і чакае нашага аднаўлення ў Хрысце. Дзеля нас Ён праліў сваю Кроў, дзеля нас застаўся назаўсёды ў табэрнакулюме.
У Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, будзе кожная першая субота месяца (гл. Распараджэнне) на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі з 4 кастрычніка 2025 года да 4 ліпеня 2026 года. Таксама пажадана праводзіць Навэнну ў кожнай парафіі.
Тэксты набажэнстваў на паасобныя першыя суботы, падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», будуць змяшчацца ў часопісе «Ave Maria», а таксама на інтэрнэт-старонках: сatholic.by, catholicminsk.by, ave-maria.by.
Дарагія браты і сёстры! Шчыра запрашаю ўсіх да ўдзелу ў гэтай малітоўна-духоўнай падзеі. Праз набажэнства да Найдаражэйшай Крыві будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека.
На час малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найдаражэйшай Крыві Хрыста Мінска-Магілёўскай мітраполіі ад усяго сэрца благаслаўляю.
У імя Айца +і Сына, +і Духа Святога. + Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў
Мінск, 20 верасня 2025 г.