
6 верасня 2026 года ў парафіі Святога Арханёла Міхала падчас Святой Імшы адбылося благаслаўленне дзяцей, моладзі, настаўнікаў, выхавацеляў і катэхетаў на пачатак новага навучальнага года. Таксама былі асвечаны школьныя прылады.
З гаміліяй да вернікаў звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA. У цэнтры яго разважання былі словы Евангелля паводле Мацвея: “Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”.
Падчас гаміліі святар нагадаў, што навучанне і духоўнае развіццё працягваюцца на працягу ўсяго жыцця. Ён заклікаў дзяцей і дарослых слухаць адзін аднаго, умець з любоўю настаўляць і выпраўляць, а таксама не баяцца прызнаваць уласныя памылкі і пачынаць перамены з сябе.
Асаблівую ўвагу ксёндз Аляксандр звярнуў на запаведзі любові: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Паводле яго слоў, нават складаныя размовы і выпраўленне памылак павінны адбывацца з любоўю, мудрасцю і клопатам пра чалавека.
Сімвалічным момантам стала асвячэнне школьных ранцаў і прыладаў. Дзеці прынеслі іх да алтара, даручаючы Богу будучы навучальны год, свае штодзённыя абавязкі і ўсе магчымыя цяжкасці.
Напрыканцы святар пажадаў дзецям, моладзі, бацькам, настаўнікам, выхавацелям і катэхетам Божай дапамогі, мудрасці, цярпення і поспехаў у новым навучальным годзе.