1. Сённяшняя, трэцяя нядзеля Адвэнту называецца „Gaudete!” – Радуйцеся! Паказвае, што прыход Пана ўжо вельмі блізкі. Памалу завяршаецца першая частка Адвэнту і пачынаецца другая – чаканне і падрыхтоўка да святкавання памяці першага прышэсця Хрыста на зямлю, то ёсць падрыхтоўка да Святa Нараджэння Хрыстовага.

2. СВ. ІМША РАРАТНЯЯ адпраўляецца ў нашай капліцы вечарам у 18.00 па аўторках, чацвяргах і суботах. Сардэчна запрашаю ўсіх, асабліва дзяцей з лампадкамі.

3. У пятніцу, 22 снежня, у 20.00 адбудзецца спецыяльнае Набажэнства Пакутнае для ўсёй парафіі, а пасля будзе магчымасць прыступіць да споведзі перад Божым Нараджэннем. Заклікаю ўсіх да ўдзелу ў гэтым набажэнстве, да ачышчэння душы, каб падрыхтаваць сябе духоўна да радаснага перажыцця прыходу Пана Езуса – дазволь Яму нарадзіцца ў тваім сэрцы.

4. У наступную нядзелю, 24 снежня, cв. Імша будзе адпраўлена толькі ў 11.00. У гэты дзень св. Імшы ў 17.00 не будзе, таму што вечарам засядзем да вігілійных сталоў. Напамінаю рэлігійны характар гэтага пасілку. Парадак павінен быць прыкладна такі:
– Знак Святога Крыжа;
– Калядная песня;
– Евангелле св. Лукі 2,1-20;
– Пажаданні;
– Дзяленне аплаткам;
– Вячэра і спеў калядак;
– Удзел у пастэрцы ў 24.00 гадз.

5. Пры алтары ёсць асвечаныя аплаткі. Можна іх узяць дадому, кабпадчас Вігіліі Божага Нараджэння падзяліцца аплаткам з блізкімі.

6. У краме парафіяльнай можна купіць свечкі Карытас, якія мы запальваем у нашым доме падчас Божага Нараджэння. Выручка ад продажы свечак прызначана ў якасці дапамогі для дзяцей з бедных сем’яў.

7. Няхай Бог адудзячыць за ахвяры на будаўніцтва новага касцёлa складзеныя на мінулым тыдні.

8. Дзякую ўсім, хто дапамагаў у розных працах для парафіі: жанчынам за прыбіранне капліцы i Цэнтра, за спеў і службу літургічную. Няхай добры Бог узнагародзіць кожнага паводле яго ахвярнасці, a св. Арханёл Міхал апякуецца Вамі і Вашымі сем’ямі.
Віншую ўсіх, хто на гэтым тыдні святкуе юбілеі і дні нараджэння. У іх інтэнцыі, а таксама за ўсіх ахвярадаўцаў і дабрачынцаў памолімся супольна. Тваёй абароне аддаёмся…