У нядзелю, 4 снежня, пасля св. Імшы ў 11.00 нашу парафію наведаў.. св. Мікалай! Напэўна самы любімы дзецьмі святы. Прыйшоў на два дні раней, тлумачачы, што мае шмат працы. Суправаджалі яго два анёлы, якія правезлі падарункі на… тачках. Так, так, у небе ўсё ведаюць – таксама і тое, што на парафіяльнай пляцоўцы звычайна круцяцца тачкі, падвозячы цэглу, цэмент і іншыя матэрыялы для будаўніцтва касцёла. Амаль 30 чалавек дзяцей і моладзі пацешыліся падарункамі, а некаторыя з іх адказвалі на пытанні, якія задаваў нябесны Госць. Св. Мікалай з анёламі, перш чым пакінуць нашу парафію, зрабілі разам з дзецьмі фатаграфію на памяць перад капліцай.
* * *
Кім на самай справе быў св. Мікалай? Жыў на мяжы III i IV стагоддзя, памёр каля 342 года. Выконваў абавязкі біскупа Міры – на паўднёвым узбярэжжы Малой Азіі (цяпер Турцыя). Паводле легенды быў дабрадзеем, якія падтрымліваў убогіх. На Усходзе пакланяліся яму з VI стагоддзя, на Захадзе яго культ стаў папулярным у XI стагоддзі, калі рэліквіі святога прывязлі да Бары (Італія).
У сярэдзіне XIII стагоддзя ў некаторых краінах у дзень успаміну гэтага святога, ці 6 снежня, з’явіўся звычай адорваць. Падкладвалі дзецям у ночы падарункі, кажучы, што гэта дар св. Мікалая.