Падчас восеньскіх канікул група каля 20 дзяцей прыходзіла з панядзелка па пятніцу (31 кастрычніка – 4 лістапада) з 11.00 да 15.00 у Пастаральны Цэнтр „Міхаэль” пры нашай парафіі, каб правесці гэты час „У кампаніі Фацімскіх Дзяцей”.
Спатканні пачыналіся супольным адмаўленнем „10” ружанца, а на заканчэнне адмаўлялі Каронку да Божай Міласэрнасці. Штодзённа глядзелі частку фільма на тэму фацімскіх аб’яўленняў, а пасля размаўлялі на гэтую тэму. Спявалі, прыгожа спявалі…
Былі таксама спартыўныя спаборніцтвы па настольнаму футболу, па пінг-понгу, дартсу. Кожны дзень сядалі за супольны стол, дзе падавалі абед, прыгатаваны самімі дзецьмі пад кіраўніцтвам, альбо кс. Яна, вікарыя з Лошыцы, які штодзённа прывозіў групку дзяцей з парафіі Маткі Божай Ружанцовай, альбо кс. пробашча Крыштафа. Было вельмі смачна!
У чацвер, 3 лістапада, святкавалі дзень нараджэння кс. Яна. Дзеці падрыхтавалі для яго шмат добрых падарункаў, а імяніннік адудзячыў тортам і смачнымі цукеркамі. У апошні дзень нас наведалi два журналіста з аднаго парталу: Павел і Юлія. Размаўлялі, рабілі фотаздымкі…
Дзякуем добраму Богу за гэты благаславёны час. Маю надзею, што дзеці з Фацімы дапамогуць нашым дзецям ісьці прыгожым шляхам праз жыццё.